Пішы
Пра болесьці жыцьця свайго.
Пішы
Пра глум і зьдзек, ярэмнае мадзеньне,
Пра трутны хлеб, пра слоў каменьні.
Пішы,
Як брат няволіць брата.
Пішы,
Як раб багоміць ката,
Пра стогн душы
Ня словамі, ня чорнаю сьлязой,
А нэрвамі, уздрыгамі душы.
Сябе распні на крыжы мук,
Надзею спапялі
Ачысьці сэрца ў агні
Цярпеньня.
Усіх багоў, істотаў,
Акром міласьці народу,
Ты пакрышы.
Журбой сіротнаю, сардэчнаю тугой,
Мілуючай душой зямлі абарані.
І чарамі мінуўшчыны свой твор вяршы.
Сьлязьмі душы
Пішы.