Для мяне вера ў забабоны і інш. прыкметы разбіваецца праз прыняцце рэчаіснасці, пад якой бы жахлівай маскай яна не хавалася, і якой бы моцнай не была спакуса думаць інакш праз немагчымасць у моманце лагічна патлумачыць тое, што адбываецца. Часам пэўныя абставіны фактычна тыкаюць у гэтае разуменне носам, але ці лягчэй табе праз гэта — ужо зусім іншае пытанне.

Кажуць, чалавек, які скончыў жыццё самагубствам, не мае права размаўляць у снах.
👇

Я чула гэта ад розных людзей і ў розны час, таксама, як і мая маці.
Але ў гэтым наша з ёй адрозненне: яна верыць (хаця і не ва ўсё), я — не.
І, магчыма, менавіта з гэтай прычыны ёй было асабліва балюча прысніць першы сон, у якім з'явіўся яе сын пасля смерці, і які не мог размаўляць, каб адказаць ёй на пытанне, што адбылося. Таму што яму было заборонена. Менавіта пра гэта і казала бабуля ў царкве, калі маці шукала дапамогу і хоць нейкія адказы.

👇

Мой першы сон з братам пасля ягонай смерці таксама быў "маўклівым". Але не праз тое, што яму было "нельга". А праз тое, што таго патрабаваў сюжэт сну.
Я бачыла яго спакойным, з усмешкай на твары праз сонечныя промні, калі ён адпачываў у маленькім пакойчыку дома ў вёсцы, дзе я была апошні раз у свае пяць гадоў. Ён быў шчаслівым і вольным. Ён быў сабой — чалавекам, які умеў атрымліваць асалоду ў моманце. Ён быў маім Андрэям — маім мядзведзям — вялікім і цёплым, якога вельмі хацелася абняць...
Наступны ж сон з ягоным удзелам аказаўся чымсьці накшталт заспакаяльнага. Я кінулася яму насустрач, учапілася ў яго, нібы клешч, і сказала, што больш ніколі і нікуды яго не пушчу, а ён смяяўся ў адказ, абдымаў і называў "малой", як заўсёды не выгаворваючы літару "л"... А потым патлумачыў, што з ім адбылося і чаму ён зрабіў "выгляд", што штосьці зрабіў.
І гэта было тое, чаго я вельмі хацела, каб гэта было праўдай. Тое, аб чым я думала не адзін раз.

У выніку мы з маці атрымалі тое, пра што думалі і ўва што верылі.

Ці магу я асуджаць маці за яе веру? Не.
Ці лягчэй мне праз тое, што не веру я? Таксама — не.

Бо нашая вера паасобку ўсё адно ўпіраецца ў вельмі страшны факт, ад якога баліць нават праз 14 гадоў: маці пахавала сына, а сястра — брата.